Ватыканскае радыё на сайце OBLATE.BY — Аблаты (OMI) на Беларусі

Ватыканскае радыё на сайце OBLATE.BY

1 сакавіка 2014 - Oblate.by
article101.jpg

Цяпер можна слухаць  Ватыканскае радыё на беларускай мове на нашым сайце.

Згодна са Статутам, Ватыканскае радыё — гэта радыёстанцыя Апостальскай Сталіцы з сядзібай у горадзе-дзяржаве Ватыкан, якая з’яўляецца прыладай камунікацыі і евангелізацыі на службе Намесніку св. Пятра. Радыё было заснавана Гульельмам Марконі і ўрачыста адкрыта Піем ХІ (Радыёпасланне “Qui arcano Dei”) 12 лютага 1931 г.

Галоўнай мэтай Ватыканскага радыё з’яўляецца свабоднае, вернае і эфектыўнае абвяшчэнне хрысціянскага паслання і злучэнне цэнтра каталіцтва з рознымі краінамі свету:
праз перадаванне голасу і навучання Рымскага Пантыфіка;
інфармуючы аб дзейнасці Апостальскай Сталіцы;
расказваючы аб жыцці і дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў свеце;
натхняючы вернікаў ацэнваць сучасныя праблемы ў святле навучання Касцёла.

Акрамя таго Ватыканскае радыё забяспечвае супрацоўніцтва і дапамогу дыяцэзіям і Канферэнцыям Біскупаў у сферы радыёвяшчання.

Адным з галоўных заданняў Ватыканскага радыё з’яўляецца запіс, перадача і распаўсюджванне гуку з усіх афіцыйных мерапрыемстваў з удзелам Святога Айца ў Ватыкане, а таксама абарона права на інтэлектуальную ўласнасць адносна запісу голасу Рымскіх Пантыфікаў.

Генеральным дырэктарам Ватыканскага радыё з 5 лістапада 2005 г. з’яўляецца кс. Фэдэрыко Ламбардзі SJ.

Ватыканскае радыё з’яўляецца актыўным членам і заснавальнікам Еўрапейскага радыёвяшчальнага саюза (EBU) і членам Афрыканскага радыёвяшчальнага саюза (UAR). Акрамя таго радыё з’яўляецца членам Сусветнай Каталіцкай Асацыяцыі для камунікацыі (SIGNIS), Еўрапейскай Канферэнцыі хрысціянскіх радыё (CERC) и Радыётэлевізійнай італьянамоўнай супольнасці.

У радыёвяшчальным сектары Ватыканскае радыё прадстаўляе Апостальскую Сталіцу і горад-дзяржаву Ватыкан пры Міжнародным аб’яднанні тэлекамунікацый (UIT), Еўрапейскай камісіі адміністрацый, поштаў і тэлекамунікацый (CEPT) і Міжнароднай арганізацыі спадарожнікавых тэлекамунікацый (ITSO).

Пасля падпісання Латэранскіх пагадненняў у 1929 г. папа Пій ХІ звярнуўся да Гульельма Марконі з просьбай пабудаваць радыёстанцыю на тэрыторыі новай дзяржавы Ватыкан, каб можна было свабодна, нягледзячы на існуючыя межы, перадаваць пасланне католікам ва ўсім свеце, нават у таталітарныя краіны, дзе адбываўся пераслед Каталіцкага Касцёла. Папа запрасіў кіраваць новай радыёстанцыяй езуіта кс. Джузэппэ Джанфранчэскіні, фізіка і матэматыка. 12 лютага 1931 г. Пій ХІ урачыста адкрыў Ватыканскае радыё, скіраваўшы на лацінскай мове кароткае прывітанне да людзей усяго свету.

У першых эксперыментальных перадачах, якія называліся “Scientiarum Nuncius Radiophonicus”, расказавалася аб дзейнасці Папскай Акадэміі Навук. Праз два гады пасля адкрыцця Ватыканскае радыё пачало вяшчанне на ультракароткіх хвалях.

9 лютага 1939 г. памёр Пій ХІ і Радыё на 9 мовах распавядала аб канклаве і абранні Пія ХІІ. Новыя студыі і памяшканні размяшчаліся ў палацы Льва ХІІІ, які да 1936 г. з’яўляўся сядзібай Ватыканскага радыё.

У верасні 1939 г., калі пачалася ІІ Сусветная вайна, радыё з’яўлялася каштоўным сродкам свабоднай інфармацыі, нягледзячы на цэнзуру і некаторы пераслед з боку фашысцкіх уладаў. У той час на радыё працавалі айцы езуіты, якія рабілі праграмы на 9 мовах.

У студзені 1940 г. быў створаны аддзел інфармацыі, які трансліраваў пасланні і такім чынам дапамагаў адшукваць грамадзян ці вайскоўцаў, якія зніклі падчас вайны. Радыё перадавала пасланні палонным і іх сем’ям: з 1940 г. па 1946 г. было агучана 1 240 728 пасланняў, што заняло прыкладна 12 105 гадзін эфіру.

Калі закончылася ІІ Сусветная вайна і ў краінах Усходняй Еўропы ўзніклі камуністычныя рэжымы, радыё пачало перадаваць праграмы на мовах народаў, якія пакутавалі ад пераследу Касцёла, адсутнасці свабоды і справядлівасці. Каб здзяйсняць трансляцыі на тэрыторыі гэтых краін, Ватыканскае радыё устанавіла мацнейшыя радыёперадатчыкі і антэны.

У 1954 г. пачалося будаўніцтва Цэнтра радыёперадач у Санта-Марыя дэ Галерыя, які быў адкрыты 27 кастрычніка 1957 г. Піем ХІІ. Пачалося вяшчанне і на іншыя кантыненты: Афрыку, Азію і Лацінскую Амерыку.

У 1958 г., праз год пасля абрання на Пасад св. Пятра Яна ХХІІІ, у былым будынку музея св. Пятра, былі ўстаноўлены новыя студыі і памяшканні для рэдакцый. Падчас прац Другога Ватыканскага Сабору, радыё здзейсніла каля 3 тыс. гадзін трансляцый на 30 мовах.

У 1964 г. падчас апостальскага падарожжа Паўла VI у Святую Зямлю радыё пачало трансляцыі з папскіх пілігрымак. Павел VI вельмі спрычыніўся да павелічэння колькасці праграм і якасці вяшчання. Менавіта пры ім радыё пераехала ў вялікі палац Пія, што знаходзіцца на вуліцы Кончыльяц’ёнэ, дзе радыё працуе да сённяшняга дня.

Павел VI пачаў здзяйсняць першыя ў гісторыі далёкія Апостальскія падарожжы. Так Ватыканскае радыё стала пастаянным спадарожнікам Папы, пашыраючы свае далягляды і развіваючы міжнародныя адносіны.

29 студзеня 1970 г. кардынал Дзяржсакратар Вілот урачыста адкрыў новую сядзібу радыё ў палацы Пія. У той час яно вяшчала 19-20 гадзін у суткі на 32 мовах, а таксама мела набор перадатчыкаў магутнасцю 1000 kW. Колькасць супрацоўнікаў у той час дасягнула 260 чалавек з 38 краін.

У 1978 г., пасля кароткага Пантыфікату Яна Паўла І, быў абраны Ян Павел ІІ, які ў хуткім часе наведаў сядзібу радыё. Ян Павел ІІ кожную першую суботу месяца маліўся на ружанцы ў прамым эфіры, каб духоўна з’яднацца з вернікамі усяго свету. Разам са Святым Айцом калектыў радыё святкаваў 60-годдзе свайго заснавання.

Новыя магчымасці, якія з’явіліся дзякуючы сучасным тэхналогіям, прывялі да хуткіх перамен. У 1990 г. радыё пачало ажыццяўляць трансляцыі праз спадарожнік і Інтэрнэт, адбыўся хуткі пераход ад аналагавага да лічбавага радыё, з’явіўся FM фармат для вяшчання ў Рыме, павялічыліся магчымасці для супрацоўніцтва з іншымі радыёстанцыямі ва ўсім свеце.

3 сакавіка 2006 г. з нагоды святкавання 75-годдзя Ватыканскага радыё яго сядзібу ў палацы Пія наведаў Бэнэдыкт XVI.

Ватыканскае радыё выкарыстоўвае аналагавую і лічбавую сістэмы вяшчання, а таксама размяшчае свае навіны, аўдыё і відэа-матэрыялы на вэб-сайце. У 2009 г. Ватыканскае радыё сумесна з Ватыканскім тэлевізійным цэнтрам зрабілі ўласны канал на YouTube на чатырох мовах, а таксама профіль у Twitter.

Такім чынам, Ватыканскае радыё, якое нарадзілася 12 лютага 1931 г., на працягу 80 гадоў вядзе вяшчанне на 45 мовах, мае вэб-сайт, на якім штодзённа абнаўляюцца навіны на 38 мовах. На радыё працуюць 355 чалавек, пераважна свецкія, 59 нацыянальнасцяў.

Беларуская праграма
Беларуская праграма Ватыканскага радыё выходзіць у эфір ужо на працягу больш за 60 гадоў. У 1949 г. ініцыятыўная група, у якую ўваходзілі некаторыя беларусы, сярод якіх кс. Пётр Татарыновіч, а. Леў Гарошка, а. Чэслаў Сіповіч (у будучыні біскуп), а таксама інжынер Рыдлеўскі, пачала намаганні, каб Папскае радыё трансліравала свае праграмы і на беларускай мове. Падчас асабістай аўдыенцыі ў папы Пія ХІІ, яны прадставілі Святому Айцу зварот з просьбай дазволіць заснаваць праграму для беларусаў. Пантыфік даў сваю згоду, і 6 студзеня 1950 г. пачалася рэгулярная трансляцыя праграм па-беларуску. Важна падкрэсліць, што менавіта Ватыканскае радыё стала першай радыёстанцыяй за межамі Беларусі, якая пачала вяшчанне на беларускай мове. Першым дырэктарам Беларускай секцыі Ватыканскага радыё стаў а. Пётр Татарыновіч.

Да 1989 г., калі кіраўнікамі праграмы былі кс. Пётр Татарыновіч, а. Леў Гарошка і кс. Роберт Тамушанскі, у сувязі з тым, што ў Беларусі не хапала святароў, для многіх людзей менавіта праграмы Ватыканскага радыё былі адзінай магчымасцю паглыблення рэлігійных ведаў і падтрымання кантакту з Апостальскай Сталіцай.

Беларуская праграма Ватыканскага радыё перадавала навіны аб жыцці Касцёла ў свеце і дзейнасці Святога Айца. Вялікая частка праграм была прысвечана рэлігійным і адукацыйным тэмам: навучанню фундаментам веры, пытанням маралі, літургічнаму і духоўнаму выхаванню. Беларуская праграма здзяйсняла пераклад папскіх дакументаў і прамоў.

Да 1989 г. рэдакцыя амаль не мела сталых кантактаў з Беларуссю. Трансляцыі праграм на тэрыторыю краіны перашкаджалі, карыстаючыся рознымі тэхнічнымі сродкамі, савецкія спецслужбы. Толькі пачынаючы прыкладна з 1989 г. была наладжана больш якасная перадача сігнала ў Беларусь.

У перыяд аднаўлення касцёльнага жыцця ў Беларусі Ватыканскае радыё выконвае важную ролю ў гэтым працэсе і з’яўляецца “мастом” паміж Апостальскай Сталіцай і Каталіцкім Касцёлам у Беларусі, а таксама крыніцай інтэгральнай, якаснай і поўнай інфармацыі аб дзейнасці Святога Айца на беларускай мове.




Каментары (0)

Няма каментароў. Ваш будзе першым!

Дадаць каментар

Каментары ў Кантакце

Каментары Facebook
Oblate.by