Сакрамэнт сужэнства (Шлюб) — Аблаты (OMI) на Беларусі

Сакрамэнт сужэнства (Шлюб)

4 студзеня 2014 - Oblate.by
article92.jpg

Сакрамэнт сужэнства

Па волі Езуса Хрыста сужэнства хрысціянаў з'яўляецца сакрамэнтам. Гэта значыць, што яно - знак Яго збаўчай прысутнасці і ласкі. Гэта справа не толькі чалавечай любові і мае яно не толькі грамадскае значэнне, але разам з тым уплывае і на канчатковы лёс чалавека. Гэта - дарога збаўлення.

Езус абвяшчаў любоў, якая павінна яднаць людзей з іх супольным Айцом у небе і паміж сабою. Збаўленне і жыццё вечнае заснавана на любові. Бог - гэта любоў. Сужэнскае каханне не застаецца па-за гэтаю эканомікаю збаўлення.

Ва ўсведамленні абранага народу, народу Ізраіля, сужэнства - адзінае і непарыўнае, сыходзіць з волі Божай. Так абвяшчае Кніга Быцця (1, 27-28; 2, 24). Аднак Майсеева Права дазваляла ў пэўных выпадках «аддаленне жонкі». Хрыстус хацеў аздаравіць сужэнства, вяртаючы яму еднасць і непарыўнасць, якую Бог надаў яму напачатку. «Майсей дзеля жорсткасці сэрца вашага дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі, а спачатку не было гэтак… Вось жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае» (Мц 19, 8.6).

Адсюль хрысціяне адносяцца да сужэнства, як да святой справы, што выяўляе Божую волю і ёй падпарадкуецца. Бачаць у сужэнстве (згодна з Лістом да Эфэсцаў (5, 21-33) знак любові, якая існуе паміж Хрыстом і Касцёлам. Знак любові без межаў, ажно да аддання жыцця з боку Хрыста і цалкавітай адданасці Касцёла свайму Збавіцелю і Абранніку.

Такі погляд на сужэнства мае працяг у тлумачэнні яго еднасці і непарыўнасці. Яны не звязаны адно толькі з самою прыродаю сужэнства і з яго грамадскаю роляю, але таксама з тым, што яно бярэ прыклад з любові Хрыста і Касцёла: абсалютнай і непазбыўнай.

Гэта сам сужэнскі саюз, а не благаслаўленне, удзеленае святаром, з'яўляецца сакрамэнтам. Святар выконвае ролю афіцыйнага сведкі, у нармальных умовах - абавязковага для сапраўднага заключэння шлюбу, але гэта самі маладажоны ўдзяляюць сабе гэты сакрамэнт. Іх воля, выказаная ў словах сужэнскай прысягі, утварае сужэнства і тым самым справуе сакрамэнт - таямніцу збаўлення, якая адбываецца і павінна адбывацца ў іх саюзе.

Касцёл - адзінае месца рэалізацыі сакрамэнтаў - акрэслівае ўмовы заключэння шлюбу ахрышчанымі, устанаўлівае форму яго заключэння і выносіць прысуд аб сапраўднасці альбо несапраўднасці заключанага саюзу. Інакш не можа быць, паколькі сужэнства ахрышчаных з'яўляецца сакрамэнтам.

ЛІТУРГІЯ САКРАМЭНТУ СУЖЭНСТВА

«Абрад шлюбу як сакрамэнтальны акт асвячэння... павінен быць сам па сабе сапраўдным, годным і плённым» (FC 67). «У лацінскім абрадзе шлюб заключаецца звычайна падчас Св. Імшы з увагі на сувязь усіх сакрамэнтаў з Пасхальнай Таямніцаю Хрыста» (ККК 1621).

Пасля Літургіі Божага Слова святар пытаецца ў нарачоных:

Святар: N. і N., вы выслухалі Божае слова і прыпомнілі сабе значэнне чалавечага кахання і сужэнства. Ад імя Касцёла пытаюся ў вас аб вашых намерах.

Святар: N (імя) і N (імя), ці жадаеце вы дабравольна і без усялякага прымусу заключыць сужэнскі саюз?

Заручаныя: Жадаем.

Святар: Ці жадаеце пражыць у гэтым саюзе ў здароўі і ў хваробе, у шчасці і няшчасці аж да смерці?

Заручаныя: Жадаем.

Святар: Ці жадаеце з любоўю прыняць і па-каталіцку выхаваць патомства, якім адорыць вас Бог?

Заручаныя: Жадаем.

Гэтыя тры пытанні святара, зададзеныя нарачоным, і іх адказы з'яўляюцца надзвычай важнымі і павінны быць вымаўлены выразна і зразумела.

Першае пытанне і адказ сведчаць пра тое, што нарачоныя кахаюць адно аднаго і з любові жадаюць стварыць уласную сям'ю. Вельмі важна, каб любоў нарачоных абапіралася не толькі на чалавечых пачуццях, але ў большай ступені на веры і сакрамэнтальнасці. Каханне нарачоных, каханне мужа і жонкі павінна мець сваю крыніцу ў любові Бога Айца да людзей, у любові Хрыста да Касцёла. Людская любоў, на жаль, зменлівая, таму вельмі важна, каб святар, які рыхтуе нарачоных да шлюбу, «прывіў» ім цноту Любові Божай. Сужэнства, якое будзе заснавана толькі на каханні і людскіх пачуццях, будзе пастаянна пад пагрозай канфліктаў, а часта нават і распаду. Любоў Божая з'яўляецца тым акумулятарам, які пастаянна будзе дадаваць сілы мужу і жонцы пераадольваць канфліктныя і крызісныя сітуацыі.

У другім пытанні і адказе заключаецца сэнс сужэнства як непадзельнай клеткі да канца жыцця. Нарачоныя павінны разумець, што сямейнае жыццё - гэта не «мядовы» месяц, і што яны жывуць не ў раі, а на зямлі. Так, як мінаюць поры года, мінаюць маладыя гады і наступае старасць. Ці муж і жонка, нягледзячы на жыццёвыя буры, здолеюць захаваць цэласнасць свайго сужэнства? З Хрыстом - так, без Хрыста, без веры кожнае дробнае непаразуменне можа стаць прычынаю для расставання і распаду сям'і. Лёгка кахаць маладога, здаровага чалавека, але ці зможам кахаць чалавека старога, абцяжаранага рознымі хваробамі? Так, як Хрыстус любіць дзяцей, дарослых, старых і хворых, так і каханне мужа і жонкі павінна быць моцным і непарыўным аж да канца жыцця.

Трэцяе пытанне і адказ датычаць мэты сужэнства. Дзіця - дар Бога. У адказе на гэтае пытанне муж і жонка прысягаюць перад Богам і людзьмі прыняць кожнае дзіця, пасланае ім Богам. Не толькі прыняць, але і выхаваць у любові і боязі Божай. Ужо самім адказам на гэтае пытанне веруючыя муж і жонка цалкам і рашуча адмаўляюцца ад абортаў як цяжкага злачынства супраць Бога, Дарыцеля жыцця.

Святы Дух, які асвячае сэрцы і розум людзей, няхай асвячае, умацоўвае, накіроўвае і дапамагае будучым сужэнцам. Гэтай дапамогі мы просім, спяваючы гімн «Veni Creator», пасля якога наступае галоўны момант сакрамэнту: сужэнская прысяга, якую нарачоныя складаюць адно аднаму перад Панам Богам.

Святар і іншыя прысутныя на гэтай урачыстасці з'яўляюцца сведкамі сужэнскай прысягі. Нарачоныя павінны памятаць, што сужэнскую прысягу складаюць не перад людзьмі, а перад Богам. Таму невыкананне гэтай прысягі нясе крыўду не толькі мужу ці жонцы, але ў першую чаргу Богу.

Нарачоныя звяртаюцца адно да аднаго і падаюць сабе правыя рукі, якія святар звязвае стулаю. Святар - гэта слуга Божы, стула - знак святарскай годнасці, звязванне рук нарачоных стулаю з'яўляецца відавочным знакам слоў «Што Бог злучыў, чалавек няхай не раздзяляе» (пар. Мц 19, 6).

Спачатку нарачоны паўтарае за святаром:

Я, N (імя нарачонага), бяру цябе, N (імя нарачонай), за жонку і прысягаю табе сужэнскую любоў, вернасць і сужэнскую павагу, а таксама, што не пакіну цябе аж да смерці. Няхай дапаможа мне ў гэтым Бог усемагутны, у Тройцы адзіны, і ўсе святыя.

Затым словы прысягі за святаром паўтарае нарачоная. Хочам адзначыць, што словы прысягі павінны

* вымаўляцца гучна, без памылак і паўтарэнняў,

* вымаўляцца на мове, зразумелай для нарачоных.

Благаславенне шлюбных пярсцёнкаў:

Важным момантам абраду сужэнства з'яўляецца благаславенне шлюбных пярсцёнкаў. Заручальны пярсцёнак толькі тады лічыцца шлюбным, калі ён быў паблагаслаўлены спецыяльна ўстаноўленай малітвай. Пасля благаславення ён ужо з'яўляецца не звычайным золатам, срэбрам, але святою рэччу, якая будзе служыць для дабра сужэнцаў. Людзі, якія не заключылі сакрамэнтальнага сужэнства, не могуць называцца перад Панам Богам мужам і жонкай і не могуць называць пярсцёнкі, якія носяць, шлюбнымі.

Святар гаворыць:

На знак заключанага сужэнства надзеньце адно аднаму шлюбныя пярсцёнкі.

Муж надзявае на безыменны палец жонкі шлюбны пярсцёнак і адначасова гаворыць:

Муж: N (імя), прымі гэты шлюбны пярсцёнак як знак майго кахання і вернасці. У імя Айца і Сына + І Духа Святога.

Затым жонка надзявае шлюбны пярсцёнак мужу, вымаўляючы тыя ж словы.

А затым наступае малітва верных, якая можа быць узята з рытуалу. Пачынае святар, а затым па адной просьбе вымаўляюць маладыя, бацькі, сведкі, госці. Падчас падрыхтоўкі да сужэнства неабходна дапамагчы нарачоным скласці адпаведныя просьбы.

ЗАКАНЧЭННЕ

На заканчэнне прапануем малітву, складзеную Святым Айцом Янам Паўлам II:

Божа, ад якога паходзіць усялякае бацькоўства ў небе і на зямлі, Ойча, які ёсць Любоўю і Жыццём!

- Учыні, каб праз Твайго Сына Езуса Хрыста, «народжанага з Панны», кожная сям'я на зямлі станавілася сапраўдным скарбам жыцця і любові для ўсё новых пакаленняў.

- Учыні, каб ласка Твая скіроўвала думкі і ўчынкі сужэнцаў да дабра іх уласных сем'яў і ўсіх сем'яў на свеце.

- Учыні, каб маладое пакаленне знаходзіла ў сем'ях моцную падтрымку для свайго чалавецтва і яго развіцця ў праўдзе і любові.

- Учыні, каб любоў, умацаваная ласкаю сакрамэнту Сужэнства, была мацнейшаю за ўсе слабасці і крызісы, з якімі часта сустракаюцца нашыя сем'і.

- Учыні, нарэшце, просім Цябе аб гэтым праз пасрэдніцтва Святой Сям'і з Назарэту, - каб Касцёл сярод усіх народаў свету мог плённа выконваць сваю місію ў сем'ях і праз сем'і.

Ты, Які ёсць Жыццём, Праўдаю і Любоўю ў еднасці Сына і Духа Святога. Амэн.




Каментары (0)

Няма каментароў. Ваш будзе першым!

Дадаць каментар

Каментары ў Кантакце

Каментары Facebook
Oblate.by