Прадмова да Канстытуцый і Рэгул Місіянераў аблатаў Марыі Беззаганнай — Аблаты (OMI) на Беларусі

Прадмова да Канстытуцый і Рэгул Місіянераў аблатаў Марыі Беззаганнай

15 красавіка 2014 - а. Анджэй Юхневіч ОМІ
article123.jpg

 

Прадмова да Канстытуцый і Рэгул Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай

 

Касцёл, цудоўная спадчына Збаўцы, набытая цаною Яго крыві, у наш час жорстка спустошаны. Гэта Нявеста Сына Божага, адчуваючы прыгнёт, аплаквае ганебную здраду дзяцей, якім дала жыццё. Хрысціяне, якія адышлі ад веры і цалкам забыліся пра Божыя дабрадзействы, сваімі злачынствамі абурылі Божую справядлівасць. Калі б мы не ведалі, што святы дэпазіт веры застанецца некранутым аж да скону дзён, то наўрад ці змаглі б разпазнаць рэлігію Езуса Хрыста ў слядах таго, што захавалася. Можна шчыра сказаць, што стан большасці хрысціян нашых часоў праз злосць і прадажнасць горшы за стан язычнікаў перад тым, як Крыж знішчыў ідалаў.

У гэтай сумнай сітуацыі Касцёл гучна заклікае сваіх слуг, якім даверыў найдаражэйшыя справы свайго Боскага Жаніха, прыкласці ўсе намаганні да таго, каб словам і прыкладам нанова ажывіць веру, якая гасне ў сэрцах вялікай колькасці яго дзяцей. Але, на жаль, мала хто адказвае на гэта неадкладнае запрашэнне. Некаторыя нават сваім нядобрым ладам жыцця павялічваюць нядолю Касцёла і замест таго, каб непакоіцца пра навяртанне людзей на шлях справядлівасці, самі маюць патрэбу ў тым, каб ім нагадвалі пра іх абавязкі.

Сузіранне гэтага зла ўзрушыла сэрцы некалькіх святароў, якія дбаюць пра хвалу Божую, святароў, якія любяць Касцёл і гатовы прысвяціць сябе – калі будзе такая неабходнасць – збаўленню душ.

Прыйшлі яны да меркавання, што калі б удалося фарміраваць святароў руплівых, бескарыслівых, сапраўды цнатлівых, адным словам, – апосталаў, упэўненых у неабходнасці перамен у саміх сабе, якія б, не шкадуючы сіл, працавалі дзеля навяртання іншых, тады можна было б мець надзею на тое, што ў хуткім часе атрымаецца прывесці распусных людзей да выканання даўно пакінутых абавязкаў. “Пранікай у сябе і ў вучэнне, – навучаў св. Павел Цімафея, – займайся гэтым пастаянна; бо, так робячы, і сябе ўратуеш, і слухачоў тваіх” (1 Цім 4,16).

Што сапраўды зрабіў наш Пан, Езус Хрыстус, калі хацеў навярнуць свет? Выбраў некалькіх апосталаў і вучняў, прывёў іх да пабожнасці, напоўніў Сваім Духам, а выхаваўшы іх у Сваёй школе, накіраваў здабываць свет, які яны ў хуткім часе павінны былі падпарадкаваць Яго святым правам.

Што затым павінны зрабіць людзі, якія прагнуць пайсці следам за Езусам Хрыстом, сваім Боскім Настаўнікам, каб адшукаць для Яго шматлікія душы, якія скінулі з сябе Ягонае ярмо? Яны павінны рупліва працаваць, каб стаць святымі. Яны мусяць адважна ісці тымі самымі шляхамі, па якіх прайшло ўжо столькі працаўнікоў Евангелля, што пакінулі нам такі цудоўны прыклад выканання тых абавязкаў, да якіх адчувалі пакліканне. Мусяць поўнасцю вырачыся саміх сябе, імкнуцца толькі да хвалы Божай і дабра Касцёла, выхавання і збаўлення душ. Мусяць няспынна абнаўляцца ў духу свайго паклікання, жыць заўсёды самааддана, з упартым імкненнем дасягнуць дасканаласці. Мусяць без перапынку працаваць над тым, каб стаць пакорнымі, ціхімі, паслухмянымі, тымі, хто любіць беднасць, пакаянне і пакуту, адарванымі ад свету і сям’і, поўнымі руплівасці, гатовымі ахвяраваць усю сваю маёмасць, здольнасці, адпачынак, асобу і жыццё ў любові да Езуса Хрыста дзеля службы Касцёлу і асвячэння бліжніх. Затым – цалкам давяраючы Богу – могуць далучыць у шэрагі воінаў Пана і змагацца да апошняга ўздыху для большай хвалы Яго найсвяцейшага і шаноўнага Імя.

Якое шырокае поле для дзеяння! Якая высакародная і святая справа! Людзі гінуць у поўным няведанні таго, што датычыцца іх збаўлення. Вынікам гэтага няведання было паслабленне веры, разбэшчанасць звычаяў і ўсялякія правіны з гэтым звязаныя. Таму вельмі важна і неабходна прывесці аблудных авечак назад да аўчарні, растлумачыць дэмаралізаваным хрысціянам, хто ёсць Езус Хрыстус, вырваць іх з-пад улады сатаны і паказаць дарогу да неба. Трэба зрабіць усё магчымае, каб павялічыць Валадарства Збаўцы і знішчыць панаванне пекла, каб прадухіліць незлічоныя злачынствы і ўмацаваць шанаванне і практыкаванні ва ўсялякіх цнотах, зрабіць, каб людзі паводзілі сябе як істоты разумныя, потым – як хрысціяне і, нарэшце, дапамагчы ім стаць святымі.

Так, багаты плён збаўлення можа прынесці праца святароў, якіх Пан натхніў прагненнем аб’яднацца ў супольнасць, каб больш эфектыўна працаваць дзеля збаўлення душ і ўласнага асвячэння, калі яны будуць годна выконваць свае абавязкі і сваё ўзнёслае пакліканне.

Аднак недастаткова быць прасякнутымі веліччу паслугі, да якой яны былі пакліканы. Прыклад святых і розум ясна паказваюць, што для поспеху такой вялікай справы і для падтрымкі ладу ў кангрэгацыі неабходна вызначыць пэўныя нормы паводзін, якія будуць аб’ядноўваць усіх членаў супольнасці ў адным духу і ў аднастайным дзеянні. Менавіта ў гэтым праяўляецца іх сіла, менавіта гэта падтрымлівае іх запал і забяспечвае ім трываласць.

А затым тыя святары прысвячаюць сябе ўсялякім руплівым справам, да якіх можа натхніць святарская любоў, перш за ўсё, абвяшчэнню святых місій, што складае галоўную мэту іх аб’яднання, – вырашылі яны падпарадкавацца Канстытуцыям і Рэгулам, прызначаным да таго, каб забяспечыць дабро, якога яны, аб’яднаўшыся ў супольнасць, маюць намер дасягнуць для ўласнага асвячэння і збаўлення душ.

 

Святы Яўген дэ Мазэно OMI         (Рукапіс 1825 г.)

 




Каментары (0)

Няма каментароў. Ваш будзе першым!

Дадаць каментар

Каментары ў Кантакце

Каментары Facebook
Oblate.by