БЕЛАРУСКІЯ АБЛАТЫ АДЗНАЧЫЛІ 200-ГОДДЗЕ ІСНАВАННЯ — Аблаты (OMI) на Беларусі

БЕЛАРУСКІЯ АБЛАТЫ АДЗНАЧЫЛІ 200-ГОДДЗЕ ІСНАВАННЯ

article137.jpg

 200-годдзе з моманту заснавання сваёй супольнасці і пачатак святкавання Юбілейнага Году адзначылі місіянеры аблаты Беззаганнай Марыі, якія працуюць у Беларусі. Урачыстая святая Імша з гэтай нагоды 25 студзеня прайшла ў парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно ў Мінску.

Падтрымаць айцоў аблатаў у дзень заснавання іх супольнасці на ўрачыстую Імшу прыбылі парафіяне, моладзь, а таксама духавенства на чале з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім.


У гаміліі іерарх звярнуўся да ўрыўка з кнігі Дзеяў Апосталаў, дзе прыгадваецца навяртанне Саўла, і падкрэсліў моц навяртання, якую Бог дае чалавеку.

Таксама біскуп прыгадаў гісторыю ўзнікнення супольнасці айцоў аблатаў і шлях іх распаўсюджвання ў свеце. «Мы бачым благаслаўленне Бога — ніякія цяжкасці, катаклізмы, хваробы не спынілі айцоў аблатаў на шляху абвяшчэння Евангелля», — сказаў іерарх.


Прыгадваючы пачатак місіі аблатаў на беларускіх землях, біскуп адзначыў важную ролю ў яе станаўленні а. Войцеха Навачэка OMI і а. Казіміра Eнджэйчака OMI.

«Калі Езус благаслаўляе на нейкую справу, то Ён заўсёды дае сілы ісці па гэтай дарозе, — дадаў іерарх. — У дзейнасці айцоў аблатаў заўважная Божая падтрымка. Калі б гэта не было Божай справай, то ўсё даўно б заціхла, але так не адбылося».

Паводле слоў іерарха, хоць місія аблатаў і налічвае толькі 200 гадоў, што не так шмат у межах хрысціянства, гэта місія дае плён і з’яўляецца багаццем Касцёла. Біскуп пажадаў айцам «чалавечага поспеху» ў далейшай працы, а таксама «бачыць свой плён на гэтай зямлі».
«Няхай Панна Марыя, у рукі якой аддаў сваё служэнне святы Яўген дэ Мазэно, ахінае плашчом вас і вашу працу, каб, несучы Божае слова людзям, вы выконвалі напісанае ў Евангеллі: ідзіце і прапаведуйце», — заключыў іерарх.


Наступным пунктам урачыстасці стала аднаўленне айцамі аблатамі манаскіх абяцанняў чыстасці, убоства, паслухмянасці і вернасці Кангрэгацыі.


На заканчэнне святой Імшы падчас Чыну ахвяравання Супольнасці Місіянераў Аблатаў супрыёр місіі супольнасці ў Беларусі а. Ежы Катоўскі OMI прачытаў аблацкую малітву прысвячэння Беззаганнай Панне Марыі, такім чынам даверыўшы прысутных Беззаганнай Марыі.

Аблаты: учора і сёння

Місіянеры Аблаты Беззаганнай Марыі — манаская супольнасць, заснаваная святым Яўгенам дэ Мазэно 25 студзеня 1816 года ў Экс (французская Правансія). Спачатку ён знайшоў чатырох святароў-добраахвотнікаў, якія падзялялі ягоны запал і хацелі прысвяціць сябе дзеля павялічвання асабістай святасці і аднаўленню Касцёла, знішчанага Французскай рэвалюцыяй. 

Першапачаткова супольнасць святароў называлася «Місіянеры Правансіі», а асноўнай дзейнасцю яе айцоў было духоўнае аднаўленне французскага народа праз паслугу сярод найбоьш патнабуючых, бедных, жыхароў вёсак, вязняў, па шпіталях, а таксама праз абвяшчэнне рэкалекцый і святых парафіяльных місій на правансальскім дыялекце, зразумелым для людзей ніскіх паходжэннем. На момант зацвярджэння супольнасці Папам Львом XII у 1826 годзе яе членамі было толькі 20 аблатаў і восем чалавек у навіцыяце, сабраных у чатырох манаскіх дамах.

У дзень смерці айца-заснавальніка супольнасць налічвала ўжо 414 членаў і мела свае пляцоўкі ў Еўропе, у Паўночнай і Цэнтральнай Амерыцы, у Азіі і ў Афрыцы. Неўзабаве прысутнасць аблатаў была пашыраная таксама на Аўстралію, Акіянію і Паўднёвую Амерыку. На сёння да супольнасці належыць каля 4,5 тысяч законнікаў, з якіх толькі шасцёра працуюць у Беларусі.

           

       

 

Ілья Лапато, фота аўтара

© 2003-2016 Catholic.by




Каментары (0)

Няма каментароў. Ваш будзе першым!

Дадаць каментар

Каментары ў Кантакце

Каментары Facebook
Oblate.by